Ліпень 25, 2007

Народны Альбом


Уладзімер Мацкевіч

Сёлета спаўняецца 10 год праэкту Міхала Анемпадыстава “Народны Альбом”. Гэты праэкт шмат чым цікавы, і, напэўна, ня кожны музычны праэкт можа пражыць 10 год і захаваць актуальнасьць і, так бы мовіць, сьвежасьць.
Тым больш, што ўсе песьні гэтага альбому аб’яднаныя не музычнай формай ці стылем, а нейкім зьместам, амаль што метафізічным. Агульнай тэмай альбому з’яўляецца шок беларускай сьвядомасьці пры пераходзе ад нармалёвага, звычайнага, чалавечага жыцьця ў Заходняй Беларусі да надзвычай штучнага, шмат у чым незразумелага, савецкага ладу жыцьця. Народны альбом – гэта сьпеў беларуса, які асэнсоўвае свой гістарычны лёс, лёс, якаго ён не выбірае, але які яму адпушчаны. Здавалася б, даўно ўжо час прызвычаіцца і супакоіцца, даўно скончылася ня толькі тая эпоха “пад прыгнётам панскім”, пра якую так цёпла, хоць і іранічна, распавядае першая песьня альбому, скончылася і савецкая эпоха, калі мы лічыліся адным народам з масквічамі, пскавічамі і растаўчанамі з іншай песьні альбому. Беларусь ужо шмат гадоў, як незалежная, але ж калі днямі КДБ нашай незалежнай Беларусі выкрыла чарговых польскіх шпіёнаў, рука сама па сабе пацягнулася да магнітафона, каб паслухаць песьню з Народнага Альбому пра двух польскіх шпіёнаў Боліка і Лёлека. Пра польскіх шпіёнаў без іроніі разважаць немагчыма, але ж Народны Альбом – гэта ня толькі іронія і сьцёб, гэта і архітыпічны сум па нармалёвым, чалавечым жыцьці. Вось аднойчы, слухаючы песьню пра тое, што “у нашым мястэчку восень/ прыхадні розныя лазяць па хатах” я неяк вельмі добра зразумеў пачуцьці лірычнага героя, які “ўзяў у рукі кала/ і пайшоў па мястэчку/ спяваючы ла-ла-ла-ла”. Я спытаўся: “а хто гэты герой?”. Адна справа, калі б гэта быў той самы Юзік, які “супраць прыгнёту паноў і падпанкаў” і “чакае з надзеяй на рускія танкі”, і вось яго надзея спраўдзілася, але ж высветлілася, што на танках прыехалі тыя самыя “прыхадні розныя”, якія “лазяць па хатах”. Іншая справа, калі па мястэчку з гэтым калом ходзіць лірычны герой іншай песьні, які сьпяваў, што ён “да жалю, не пан і, на шчасьце, не хам”, які ня мог вызначыцца з месцам і быў і ня тут, і ня там. Ён быў ня толькі самотным, але і самадастатковым, таму што лічыў, што “ад бяды і нуды ўратуецца сам”. І калі менавіта гэты герой шпацыруе па мястэчку з калом ў руках і бязнадзейна уголас лямантуе “ла-ла-ла-ла”, то гэта вельмі сымбалічна. Фантазіі звычайнага, добрага, местачковага хлопца, здольнага трымаць сваю хату і гаспадарку, не хапіла, каб уявіць сабе такі памер “бяды і нуды”, ад якога сам на сам не уратуешся. Ёсьць бяда, ад якой можна ўратавацца толькі разам, разам у памерах ўсяго народу, усёй нацыі. А для гэтага, і таксама каб уявіць сабе памеры такой бяды, і памеры такой нацыянальнай еднасьці, трэба у рэшце рэшт вызначыцца з тым, хто пан, а хто хам. І дзе мы? Ці тут, ці там? Амаль70 гадоў прайшло з моманту далучэньня Заходняй Беларусі да Савецкай, а большасьць беларусаў так і ня вызначылася, дзе мы павінны быць – там ці ня там. Большасьць беларусаў задавальняецца сваім неакрэсьленым станам “да жалю, не пан, на шчасьце, не хам”.
Яшчэ разважаючы пра тое, хто мы і дзе, пра нашу еднасьць ці самотнасьць і самадастатковасьць, варта ўслухацца ў мову Народнага Альбому. Калі герой адной з песенек сьпявае, што ён “сьпевам по-польску своі пэсэнькі”, яму ніяк ня верыш, бо сьпявае ён з такім акцэнтам, што відавочна, дзе ён навучыўся так “сьпеваць по-польску”. Некаторыя тэксты напісаныя на выкшталцонай, так бы мовіць, трасянцы. Гэта ня толькі расейска-беларуская трасянка, гэта і трасянка Казіка Пясэцкага з Вільні, і трасянка стылізацыі пад тырольскі сьпеў, ну і асабліва на гэтым фоне становіцца зразумела, што ідыш – гэта таксама нямецка-беларуская трасянка.
Народны альбом нібыта падкрэсьлівае метафізічную еднасьць тутэйшых невызначыўшыхся. Незалежна ад таго, ці хто “сьпева по-польску”, поет “па-расейску” ці на ідыш.
Народны альбом нібыта заклікае нас кінуць дурноту самотнасьці і нарэшце зразумець, што ад сапраўднай бяды і нуды мы ўратуемся толькі разам.

Катэгорыя: Навіны

Ваш каментар

Дазволеныя XHTML-тэгі: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <code> <em> <i> <strike> <strong>

[Powered by WordPress.]

 Новыя кнігі


Вызывающее молчание



Вопреки очевидности

 Галоўнае:

Экспэрты:

 Дыскусія:

 Архіў:

Ліпень 2007
Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Ндз
« Чрв   Жнв »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  

 Пошук:

 Кантакт:

 Памылкі?

 Партнэры:

 In | Out:

 RSS:

 Лічыльнік:

28 queries. 0.405 seconds