
Ганна Кісліцына. Маўчанне як выклік, альбо Споведзь беларускага интэлектуала.
Адзін мой знаёмы, дарослы, меджду протчым, чалавек, падчас выбараў стаў шкрабаць палітычную сімволіку ў ліфце.
А другі, ужо пасля, маляваць карыкатуры і рассылаць іх на розныя сайты.
А трэці садзіцца ў электрычку, бітком набітую пенсіянерамі, і абураецца ўладамі, рызыкуючы, як сведчыць нядаўняя гісторыя белжэдэ, быць пабітым каменнем. Бо вытрымкі пенсіянераў хапае роўна на адзін яго сказ.
Што вымушае гэтых людзей, заўважу, уладкаваных, інтэлігентных і рацыянальных, ісці на гэтыя дробныя і быццам бы нядзейсныя акцыі пратэсту? Безумоўна, клопат пра сябе. Бо, як вядома, сказаў і выратаваў душу.
Аднак парадокс сітуацыі ў тым, што сказаць нешта ў сённяшнім свеце ўяўляецца немагчымым. Яшчэ нядаўна постмадэрністы скардзіліся на немагчымасць сказаць ¬нешта новае, сёння ж становіцца зразумелай бессэнсоўнасць любога калачэння паветра. Не толькі маналог, але і дыялог— немэтазгоднае марнавнне часу.
І таму ўчынкі першых двух герояў гэтай гісторыі выглядаюць больш перспектыўнымі — візуальнае паступова перамагае вербальнае, карцінка выцясняе слова. Гэтыя двое, як выглядае, маглі б скласці кампанію Уладзіміру Мацкевічу, ці, больш дэмакратычна, ён мог бы быць трэцім.
Бо Мацкевіч, па-першае, сам шукае новыя сродкі камунікацыі, злучаючы ў сваёй новай кнізе самыя разнастайныя віды дыскурсу — ад фені да моўнага вычварэнства «найноўшага філасофскага слоўніка».
Па-другое, не верыць у дыялог як спосаб пераадолення саліпсічных настрояў палітычных «эліт» ( у кнізе іх тры, і накладанне гэтай магічнай для нашай чарачна-закусачнай свядомасці лічбы на іх прынцыповую неперасякальнасць само па сабе стварае камічны эфект твора).
Па-трэцяе, ён — чэсны, што сёння азначае гатоўнасць дэманстраваць прынцыпы і перакананні, прычым, як свае, так і чужыя.
Але, галоўнае, яго новая кніга — назву якой варта было б перакласці «Маўчанне як выклік» — і мае на мэце адшукванне аднадумцаў ці, дакладней, іншадумцаў.
Мацкевіч нават робіць спробу іх гіпатэтычнага падліку. Аднак і сама лічба — 51 тысяча 750 чалавек, і прапанаваны аўтарам выключна схаластычны — умозрительный — спосаб яе падліку, робіць чацвёртую главу, як і каментары да яе, самым смешным месцам кнігі. Ці самым сумным — гэта ўжо ў залежнасці ад таго, які бок шкляной барыкады выбера чытач.
Менавіта ў гэтым месцы чытач, хутчэй за ўсё, уцяміць, з якім літаратурным жанрам яму давялося сутыкнуцца. Бо папярэднія «ад аўтарскія» развагі на гэты конт могуць толькі збіць з панталыку. Таму — супраць правілаў — рэкамендую не зважаць у дадзеным выпадку на меркаванне аўтара, і аўтарытэтна заяўляю — перад намі трагікамедыя.
Варта ўдакладніць — трагікамедыя, напісаная з нагоды палітычнага спектакля. Наўрад ці каму-небудзь з чытачоў даводзілася браць удзел у фарсах такога высокага ўзроўню, але, калі не палохацца вядомых па мас-мэдыя абрэвіятур, можна прыгадаць дзесятак-другі сітуацый, калі шэраговаму беларусу даводзілася ўдзельнічаць у падобных акцыях, што праводзіліся пад гіпнатызуючымі загрузамі накшталт, «ад-вашага-выбару-залежыць-лёс-вашых-дзяцей».
Шэраговы, па наіўнасці, спадзяецца, што вечная наколка датычыць толькі яго і такіх жа шэраговых. Што недзе там ёсць людзі, да голасу якіх прыслухоўваюцца. Мацкевіч з пазіцый сведкі пераканальна сцвярджае: «Не!». І, можа, праўда гэтага сцвярджэння падасца некаму горкай, але гэта горыч лекаў. І пэўна, каб падсаладзціць гэтую літаратурна-філасофскую пігулку ад ілюзій, аўтар абірае такую спецыфічную запытальна-жартаўлівую інтанацыю, якой размаўляюць дактары з хворымі дзецьмі. «Так лучше, правда?»
Інтанацыйныя перапады кнігі структуруюць яе мацней, чым усе гэтыя аўтарскія навароты тыпу «глава», «примечания», «приложения», хоць, мажліва, і не ўсім прыйдуцца даспадобы. Бо чытач настроены — заўважым, самім аўтарам — на сур’ёзную рэалістычную кнігу, а трапляе ў карнавальную атмасферу ільфпетроўскага Чарнаморска, дзе барадатыя габрэйскія показкі і палітычныя навіны знаходзяцца на адной іерархічнай прыступцы. Ды і сам Мацкевіч сваёй парамастацкай дэмагогіяй больш за ўсё нагадвае эвалюцыянавалы пікейны gilet .
Праўда ў тым, што ў свеце не пераводзяцца не толькі чэмберлены, якім, як вядома, лепш у рот не класці, але і пікейнакамізэлечнікі. Якіх сёння без усялякай іроніі можна азначыць словам «інтэлектуалы». Зразумела, што не кожны пагодзіцца з такім параўнаннем, але на тле тэксту Мацкевіча яно абсалютна натуральнае. Дастаткова згадаць аналогіі, якія выкарыстоўвае ён пры дэфініцыі гэтага панятку ў артыкуле «Самавызначэнне беларускага інтэлектуала». Хоць, на думку самога аўтара, інтэлектуалы выдзеліліся з інтэлігенцыі толькі ў канцы 80-х гг.
«Дык вось, інтэлігенцыя – гэта тыя, хто стаялі ў чэргах па газеты ў гады перабудовы і чыталі «тоўстыя» часопісы. І ўсе будучыя інтэлектуалы бавілі багата часу ў гэтых чэргах. За выняткам тых, хто тады былі яшчэ дзецьмі. Чым інтэлектуалы займаліся, я не ведаю. Хто чым. Пра кожнага асобнага інтэлектуала гэта няцяжка высветліць. І трэба высветліць! Прычым у рэзкай і катэгарычнай форме: «А чым вы, спадары інтэлектуалы, займаліся да 1991 года?».
Я ведаю іншае: інтэлектуалы першымі перасталі стаяць у гэтых чэргах. Яны першымі перасталі чытаць савецкія газеты. Пасля газет настала чарга «Огонька», «Литературки», а потым і ўсіх «тоўстых» часопісаў. Інтэлектуалы пачалі думаць самі і чытаць толькі тое, што самі сабе вызначылі».
Гэтыя развагі, узятыя са старонак часопіса «ARCHE», — істотнае дапасаванне да «Вызывающего молчания», бо менавіта тут вызначана target grup кнігі. Калі чытач пазнаў сябе ў гэтай метафарычнай чарзе, то гэты твор стоадсоткава адрасаваны яму. Калі ж, напрыклад, па прычыне ўзросту ён не можа скарыстаць прадстаўлены ідэнтыфікацыйны пасаж, варта самавызначыцца праз другі міні-тэст, недальнабачна схаваны ў нетры Мацкевічавага тэксту. Бо высоў¬ванне гэтага пытання на першы план істотна б зберагло час чытачоў.
«Вы не знаете, кто такой Ким Хадеев? Значит, вы ничего не знаете о Минске. А если не знаете, то не знаете и о стране, для которой далеко не все потеряно. О чем с вами после этого говорить? Я обиделся, и дальше вообще буду писать только для себя». Чытачу варта прыслухацца да гэтага папярэджання. А імя Кіма Хадзеева яшчэ не раз усплыве ў тэксце. Бо «кімхадзееў» для беларускіх філосафаў — гэта як «фарадэй» ці «джоўль» для фізікаў. Адзінка вымярэння. Хоць асабіста мне дарэшты не ўцяміць, што хаваецца за гіперсуб’ектыўным аўтарскім тлумачэннем у дадатку «Ху із ху»: «Вежновец Е. — если подрастет, может стать для Витебска чем-то вроде того, кем является Хадеев для Минска».
Хадзееў — адзін з нямногіх станоўчых герояў кнігі, і ці не адзіны, хто выклікае лірычныя пачуцці ў аўтара. Адна толькі згадка яго імені здольна, настроіць Мацкевіча на думкі пра ўзнёслае. Для апавядальнай жа тканіны твора згадкі пра Хадзеева — гэта, так бы мовіць, трошкі сонца ў халоднай вадзе. Бо, як ні круці, як ні заахвочвай чытача абяцанкамі вясёлага чытва, урэшце рэшт давядзецца прызнацца, што кніга прысвечана падрабязнаму разбору пункта 22 Стамбульскай дэкларацыі ОБСЕ. І што нават не падрабязны разбор гэтага дакумента дзейнічае на абывацельскія мазгі, як душ Шарко на інтэлігенцкае цела. Выклікае скурчванне.
І ўсё ж, гэтую кнігу варта прачытаць. Для таго, каб праверыць свой імунітэт да палітыкі. Каб знайсці ў сярэдзіне цалкам постмадэрністычны даведнік імёнаў — а раптам там ёсць ваша? Каб успомніць словы Э.Берга, калі вы іх ведалі раней: «Для таго каб перамагло зло, дастаткова, каб добрыя людзі нічога не рабілі». І, зразумела, каб пачаць нешта рабіць.
Получить книгу можно, сделав заказ по электронной почте belbookmaker@bk.ru
[Powered by WordPress.]
25 queries. 0.331 seconds