Жнівень 7, 2006

НАТАТКІ ПРА РУШЭНЬНЕ


(досьвед аднае сітуацыі)

1. ПРА СЯБЕ.

Я не шкадую. Я меў спадзеў, што будзе цікавая праца. Гэтак і сталася.
Дасьледваньне, аналізаваньне сябе і калегаў дазволіла дастаць бачаньня сутнасьці Рушэньня. Я змог пазыцыянаваць сябе ў Рушэньні, асэнсаваць патрэбу і сутнасьць пазыцыянаваньня, што да чыннасьці.
Рушэньне і ты. Ты і Рушэньне. Толькі дзеямі ты можаш спраўдзіць сваю далучанасьць, толькі дзейнасьцю спраўджваеш датрыманьне мэтаў Рушэньня. Казаць: “Я – у Рушэньні!” – не казаць анічога. Дзеіць паводле мэтаў Рушэньня з пазначэньнем прыналежнасьці да Рушэньня – ёсьць прыкметамі і сутнасьцю прыналежнасьці да Рушэньня.
Высновы:
ـ Я хачу дзеіць дзеля агульнае мэты.
ـ Я гатовы рабіць у Рушэньні любую працу.
ـ Трэба вызначыць кірунак дзейнасьці, на якім ад маёй чыннасьці можа быць найбольшая карысьць для Рушэньня.
ـ Тлом любой чыннасьці мусіць быць навучаньне. Я гатовы працаваць над сабой дзеля мэтаў Рушэньня.

2. ПРА НАС.

Ад пачатку мы пазыцыянавалі сябе ў Рушэньні. Нас адразу сталі ўспрымаць нечым цалкавітым.
Мы цьвердзілі адрозную ад аўтакратычнае форму суіснаваньня суб’ектаў чыннасьці. Мы ня мелі прызначанага камандзера, які штохвілінна “шыхтуе” свой аддзел. Кожны ў нашай групе ў часе абмеркаваньня пачуваў сябе роўным, а што да адказнасьці прымаць будзь-якія рашэньні тут дзейнічаў прынцып кампэтэнтнасьці: калі мне бракуе досьведу, альбо адмысловых ведаў – мушу пакласьціся на таго, хто ў канкрэтовай сытуацыі ёсьць найболей дасьведчаным. Гэты падыход і паспрыяў напрацоўцы каманднасьці працы нашае групы.
Рушэнцы розьніліся роўнем адукацыі, жыцьцёвым досьведам, ведамі, ступеньню далучанасьці да спраў Рушэньня. Але гэта ня сталася перашкодаю, наадварот – спрыяла супрацы.
Разуменьне, паводле мэтаў Рушэньня, задачаў на гэтым кавалку тэрыторыі, супольнае, адкрытае абмеркаваньне праблемаў, падзей і сталіся складнікамі падмурку каманднасьці дзеяньняў. Незалежна ад ступені актыўнасьці кожнага з нас, мы былі камандай. Кожны імкнуўся выявіць уласны погляд, собскае мысьленьне, і дапамагчы іншаму ў ягоным імкненьні. Асабліва гэта было ўсьцешна, калі тое дэманстравалі самыя маладыя з нашае каманды.
Мы спраўдзілі, што толькі самавызначэньне наагул, і ў канкрэтовай сытуацыі дастасоўна мэты Рушэньня ёсьць патрэбаю і падмуркам плённае, асэнсаванае чыннасьці. Наяўнасьць мэханізму ўзгадненьня сваёй чыннасьці з чыннасьцю іншых складнікаў Рушэньня ў часе свайго руху і ёсьць першай прыкметай існаваньня Рушэньня, як формы самаарганізацыі.
Мы пазначылі наш клопат пра сумленнасьць у чыннасьці, пра сутнасьць і месца маральных каштоўнасьцяў, як матывацыі будзь-якіх дзеяў.
Мы спраўдзілі, што барыкаднасьць ня ёсьць неадольнаю перашкодаю.

3. ДРУГІЯ НАШЫЯ.

3.1. “Беларус на цьвіку”.

Крым нас прыехала другая група. Яна мела фармальную, паводле фармаваньня сьпісу, лучнасьць і, менавіта таму, казаць пра наяўнасьць у іх супольнае мэты не выпадала. Яшчэ адной прыкметай іхняй лучнасьці была абыякавасьць да таго, што ім на сэмінары прапануюць. Яны зусім не абцяжарвалі сябе спробамі высьветліць прыдатнасьць і патрэбу ў чужым “досьведзе”.
Тыповыя паводзіны беларускіх НДА-шнікаў: нас жа запрасілі, нам нешта распавядаюць, а таму мусім быць ветлівымі і ўдзячнымі за гэта.

3.2. “Другая група”.

Для мяне за пэўны час ўгрунтаваўся тэрмін “другая група” (далей – ДГ, аўт. ), як тлумачэньне адрознасьці ад здаровых сіл і чыннасьці.
У дадзеным выпадку ДГ мела ў сваім складзе зьнітаванае кіроўнае ядро, якое спрабавала фармальную лучнасьць групы выкарыстаць дзеля навязаньня ўласнага стылю паводзінаў. Аднак аднае фармальнае прыналежнасьці бракуе. Таксама ня здатнае “шыхтаваньне” замяніць каманднасьць працы.
Іншая палова ДГ была, як той казаў, “дрыгвой”. Хтось трапіў упершыню, хтось меў нейкую сваю прыхаваную мэту (трымаў у кішэні дулю), хтось паводзіўся традыцыйна для сэмінарыста са стажам, хтось шчыра імкнуўся разабрацца ў тым, што з нашае падачы адбываецца на сэмінары. Адсутнасьць жа ў групы агульнае мэты вяло часам да блюзнэрскіх дзеяў некаторых чальцоў.

3.3. Старое пакаленьне.

Менавіта кіроўнае ядро і належала да “ветэранаў барацьбы за дэмакратыю ў Беларусі”. Чальцоў ядра вылучалі некалькі прыкметаў:
ـ працяглы стаж існаваньня ў блізуапазыцыйным асяродку;
ـ нежаданьне і няўменьне слухаць ня толькі іншых, але й саміх сябе.
ـ усьведамленьне сваёй выключнасьці ў праве вызначаць, хто можа быць аднесены да апазыцыі, а хто – не;
ـ “рэгаліі” (кожны рэпрэзэнтаваў адразу некалькі ініцыятываў – гэтакія шматстаночнікі ў трэцім сэктары);
аўтарытарная форма кіраваньня (хтосьці, нібыта, кіраваў, хтосьці гэта рабіў, іншыя стымулявалі).
Яны выяўлялі вельмі высокі ровень пыхі і азлобленьня да нас:
─ “Вы што, самыя разумныя?”
─ “Хто вы такія, каб качаць тут правы?”
─ “Праз вашыя дзеі я ў стане стрэсу!”
─ “Не перашкаджайце слухаць!”
─ “Вы яшчэ не дарасьлі!”
Спробы аналізу нашых дзеяньняў прыводзілі іх да высноваў, з дакладнасьцю наадварот.
Абвінавачвалі нас ледзьве не ў працы на ўладу.
Зьдзіўлялі (неадэкватна веку і досьведу) гістэрычныя рэакцыі, калі нават самыя маладыя з нас цьвердзілі самастойнасьць мысьленьня.

4. БАРЫКАДА (мажліва, БАРЫКАДНАСЬЦЬ).

4.1. Хто будаўнік і дзе барыкада?

Мы доўга разважалі калі барыкада між намі і “другімі нашымі” ўзьнікае, хто яе будуе? Што да канкрэтовага выпадку, я трымаўся меркаваньня, што барыкаду “прывезла” ДГ. Амаль усе яе чальцы нешта чулі пра Рушэньне альбо пра Мацкевіча. Як толькі ў часе знаёмства першы раз прагучала: “Я ў Рушэньні!”, ядром ДГ была выцягнутая барыкада. Пры гэтым, яны лічылі, што гэта мы пабудавалі барыкаду, нават такое абвінавачваньне прагучала.
Рэчаіснасьць праўдзіць прысутнасьць на неўладным (апазыцыйным) полі выспаў і цэлых архіпэлягаў лукашызму, якія ёсьць такімі паводле формы кіраваньня ў іх альбо імі, а таксама паводле імітацыйнай дзейнасьці, што да рэальнае апазыцыйнасьці. Існуе вялікая колькасьць структураў, што толькі дэкляруюць сваю апазыцыйнасьць. Некаторыя структуры, ледзьве не наўпрост, працуюць на ўладу і не жадаюць (ня здатныя?) прызнаць, што плён іх чыннасьці прыватызуе ўлада і ня лічаць гэта шкодаю, упарта адмаўляюцца зважаць на тое, што працуюць на паляпшэньне выгляду ўлады ў вачох насельніцтва.
Шкода такіх структураў палягае ў пашырэньні негатыву пра СУПРАЦІЎ наагул. Дзейнасьць іх не спрыяе прытоку новых людзей, ёсьць перашкодаю для ўзьнікненьня новых ініцыятываў, бо ветэраны апазыцыі імкнуцца кантраляваць падлеглую тэрыторыю. Насельніцтва атрымлівае дадатковыя падставы недаверу, што да апазацыі.
Тое, што мы імкнемся адкрыць вочы суб’ектаў апазыцыі (сапраўдных ці ўяўных) на ўласную чыннасьць, пасоўваем да патрэбы суаднесьці сваю чыннасьць з пытаньнямі, што да Сумленьня, ня ёсьць пабудовай барыкады.
Калі праўдзім уласны падыход да разьвязаньня праблемаў, пазыцынуючы сябе, мы не будуем барыкаду.
Барыкада набывае рысы празь нежаданьне “другіх нашых” пазыцыянаваць сябе у момант “судакрананьня” з Рушэньнем. Некаторых палохае нават спроба сумневу ў іх чыннасьці ці датрыманьні маральнасьці ў сваім чыне. Яны імкнуцца перавесьці сутнасьць канфрантацыі падыходаў на прыступку міжасабовага процістаяньня носьбітаў паводле прынцыпу: сам – дурак.
Мяркую, што некаторымі ДГ слушнасьць Рушэньня ўсьведамляецца, некаторыя толькі здагадваюцца, а таму баяцца згубіць падмурак уласнае чыннасьці…
Вось на гэтым разломе і паўстае барыкада.
Любая асоба альбо ініцыятыва, што імкнуцца датрымоўвацца каштоўнасьцяў у сваёй чыннасьці залічваюцца ў канкурэнты. ДГ такіх ігнаруюць альбо імкнуцца зацягнуць ва ўласную арбіту, альбо ствараюць дадатковыя перашкоды ў чыннасьці – ствараюць вакол іх барыкаду.

4.2. Асэнсаваньне сутнасьці барыкады, як шлях яе ліквідаваньня.

Паколькі мы лічым, што варта размываць барыкаду, вышэй апісаную завядзёнку (цемрашальства?), трэба зьнішчаць.
Гэта рэальнасьць.
Непазьбежнасьць і патрэба.
Трэба дапамагчы, як мага большай колькасьці людзей дастаць усьведамленьня сутнасьці каштоўнаснага падыходу, як падмурку сваёй чыннасьці. Спадзяюся, што гэта дазволіць асэнсаваць марнасьць страху перад барыкаднасьцю дачыненьняў ды пасуне да разуменьня патрэбы ліквідацыі яе.
Праз разуменьне неабходнасьці нішчыць барыкаду некаторыя суб’екты здолеюць перажыць катарсыс і атрымаць здольнасьць перайсьці на вышэйшы ровень усьведамленьня сябе і патрэбы пазыцыянаваньня, што да мэтаў. Гэта мусіць стацца адным з нашых сродкаў.

5. НАКАНАВАНАСЬЦЬ.

Я перакананы, што ўсім суб’ектам трэцяга сэктару, якія паўсталі не зь ініцыятывы дзяржавы і (ці) не кіруюцца ёй, варта нарэшце пазбавіцца цнатлівасьці апазацыйнасьці!
Дастаткова ў сваім статуце пазначыць задачай абарону правоў сябраў сваіх аб’яднаньняў, каб ўлада лічыла вас сваімі ворагамі-апазыцыянэрамі. Цягам болей дзесяці гадоў рэжым сьведчыць сваё стаўленьне да непадкантрольных яму людзей і супольнасьцяў. І гэтае стаўленьне акрэсьленае і недвухсэнсоўнае:
– Усё самаарганізаванае ёсьць небясьпечным, а значыць – падлягае ціску і перасьледу дзеля зьнішчэньня!
Некаторыя спрабуюць схавацца за шчыт кшаталту: “Мы – не апазыцыя! Мы простыя аматары пасядзець за кубачкам гарбаты і паразважаць пра нялюдзкасьць паводзінаў беларускае ўлады.” Неакрэсьленасць пазыцыі, гульня ў апазыцыю – не апошнія складнікі непасьпяховасьці беларускага супраціву.
Колькі перамелена людзкага імпэту, імкненьня да сьветлага, здатнасьці і здольнасьці на чын; колькі зруйнавана гмахаў мроеньня будучыні; колькі закапана скарбаў духу; колькі ўтоплена мараў; колькі змарнавана часу, сродкаў; колькі…
Болей з гэтым мірыцца не стае моцы і жаданьня.
Рушэньне ўзяло на сябе права і адказнасьць угрунтоўваць маральныя дачыненьні на апазыцыйным полі дзеля выбудоўваньня рэальнага, чыннага СУПРАЦІВУ. Формай і сутнасьцю СУПРАЦІВУ мусіць стаць Рушэньне.
Мне падаецца, што некаторыя суб’екты імкнуцца перавесьці праблему стасункаў з Рушэньнем на пляцоўку простае канкурэнцыі. Гэтым яны імкнуцца нівэляваць глябальнасьць зьявы, што да абшараў Беларусі.
Рушэньне ўяўляецца мне ня простым канкурэнтам. Гэта далёка ня так. Бо форма ўзаемадзеяньня ў Рушэньні будуецца на ўсьведамленьні мэтаў Рушэньня асобаю. Сваю прыналежнасьць да Рушэньня і ўласную чыннасьць асоба суадносіць праз пэўныя мэханізмы. Сёньня мы назіраем пашырэньне, паглыбленьне Рушэньня. Крыху трываньня – і будзем сьведчыць усюдыіснасьць Рушэньня. Тут крочыць Гісторыя…
У Рушэньня, як сучаснае формы самаарганізацыі грамадзянскае супольнасьці ва ўмовах дыктатуры – гістарычная наканаванасьць. З гэтай высновай маіх калегаў я згодны. Лічу, што як толькі Рушэньне дасягне крытычнае масы, тыя суб’екты, якія ня ў стане ўсьвядоміць сутнасьць з’явы, будуць вымушаны далучацца да працэсу тэхнагягічна, бо ў процілеглым выпадку іх будзе чакаць адміраньне ды ўтылізацыя, што ёсьць таксама натуральным працэсам.
Кожны мае выбар. Кожны абірае свой шлях.

6. СУД СУМЛЕНЬНЯ? ГРАМАДЗКІЯ СЛУХАНЬНІ?

Дзеля пабудовы неадольных перашкодаў у чыннасьці асобам, якія паводзяцца непрыстойна, маем патрэбу дастаць мэханізма апублічваньня іх учынкаў, а таксама прастаўленьня таўра “непрыстойнага”.
Паводле якога пераліку каштоўнасьцяў (кодэксу гонару, мэмарандуму пра мэты ды інш.) будзе ацэньвацца чыннасьць?
Які мэханізм фармаваньня? Ці гэта ёсьць плёнам дамовы між будзь-якімі суб’ектамі?
Рушаньне і… астатнія? Астатнія – гэта хто? Паводле якога права – мы?
Функцыю таўраваньня мусіць ажыцьцяўляць СУД?
Паводле якіх крытэраў хтось можа стацца чальцом СУДУ?!
Якая працэдура абвінавачваньня-абароны?
Якая прцэдура рэалізацыі выраку?

Валадар Цурпанаў,
Рушэньне, Магілёў

Катэгорыя: Дыскусіі
Каментары (3) да “НАТАТКІ ПРА РУШЭНЬНЕ”
  1. Svetlana :



    Хоць з тэксту выпау кантэкст-1 тольк1 можна здагадацца,што гэта досьвед пэунай
    зборавай с1туацы1 “где-то там в Крыму”,сам1 нататк1 радуюць 1 сэнсова,1 стылёва:)
    Як зараз кажуць,энерга-в1брацыйны узровень матэрыялу дастаткова высок1,таму
    тэрм1натарам рознага кшталту (от нигилистов-индивидуалов до организованных
    профессионалов)придётся “хорошенько” поработать\”добра” папрацаваць,каб батал11
    1м патрэбныя арган1заваць.1 гэта ёсць праца над сабой…
    Адз1нае “Но” пра суды(суджэнн1 з асуджэнням1),хай нават у форме грамадск1х слуханняу:
    пачуе ж тольк1 той.хто мае вушы.таму праблема не у тым,каб асудз1ць\заклейм1ць.
    А у тым,як навярнуць.Зрушыць разам з мёртвай кропк1 Шляхам Жыцця-да 1сц1ны.Поспехау!!!



  2. ftyuety :



    вось дык мова ў спадара Цурпанава!



  3. Varjat :



    Мне мажліва варта было б прамаўчаць, але не магу ўтрымацца:
    Ніасіліл! Шмат букф.
    Хаця, відаць, на тое яна і філасофія..



Ваш каментар

Дазволеныя XHTML-тэгі: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <code> <em> <i> <strike> <strong>

[Powered by WordPress.]

 Новыя кнігі


Вызывающее молчание



Вопреки очевидности

 Галоўнае:

Экспэрты:

 Дыскусія:

 Архіў:

Жнівень 2006
Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Ндз
« Ліп   Вер »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  

 Пошук:

 Кантакт:

 Памылкі?

 Партнэры:

 In | Out:

 RSS:

 Лічыльнік:

28 queries. 0.448 seconds