
У Мінску прайшла сустрэча дэлегацыі Кансэрватыўнай партыі Вялікабрытаніі з кіраўнікамі аргкамітэту Партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя”. Ангельскі бок прадстаўлялі член міжнароднай камісіі брытанскага парлямэнта, кіраўнік міжнароднага офісу партыі Гары Стрытэр, а таксама дырэктар міжнароднага офісу кансэрватараў Філіпа Брум.
Палітыкаў зь Вялікай Брытаніі цікавілі пытаньні, зьвязаныя з дзейнасьцю аргкамітэта БХД і будаўніцтвам партыі, а таксама бачаньне лідэрамі “Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі” сёньняшняй палітычнай сітуацыі ў краіне.
Г. Стрытэр, які быў у свой час намесьнікам старшыні Кансэрватараў і памочнікам Джона Мэйджара, а цяпер зьяўляецца адным зь лідэраў арганізацыі “Conservative Christian Fellowship”, у прыватнасьці, адзначыў, што брытанскія правыя палітыкі зацікаўленыя ў існаваньні ў Беларусі моцнай партыі, дзейнасьць якой заснавана на Біблейскім падмурку. “Хрысьціянскія каштоўнасьці мусяць замацоўвацца ў грамадзтвах не ў апошнюю чаргу праз актыўную палітычную дзейнасьць хрысьціянаў”, - сказаў брытанскі парлямэнтарый.
“Такія сустрэчы дапамагаюць зьверыць маршрут, па якім мы ідзем, - адзначыў сустаршыня аргкамітэту БХД Аляксей Шэін, камэнтуючы вынікі візіту прадстаўнікоў Кансэрватыўнай партыі. – І гэтае спатканьне дадало аптымізму, паколькі ў гэтых блізкіх па духу людзях мы ўбачылі шчырую зацікаўленасьць беларускай сытуацыяй і гарачае жаданьне дапамагчы. Акрамя таго, для нас гэта – прыклад дзейнасьці эўрапейскіх палітыкаў, якія сваёй працай служаць Богу й Бацькаўшчыне”.
[Powered by WordPress.]
28 queries. 0.439 seconds