Верасень 17, 2005

Рэфарматы ў Беларусі: свае ці чужыя


Інфармацыйна-аналітычны бюлетэнь “За свабоднае веравызнаньне” №№ 5 і 6, 2005

Апошнім часам неаднаразова даводзіцца чуць, што ў беларусаў ёсць традыцыйныя рэлігіі і нетрадыцыйныя – запазычаныя ў кагосьці і таму несвойскія, нават у чымсьці шкодныя, бо аддаюць беларусаў пад уплыў іншых культураў.

Калі пасьлядоўна трымацца такой думкі, тады прыйдзецца прызнаць, што ўсё хрысціянства на Беларусі нетрадыцыйнае, бо не ўзнікла тут, а прынесенае звонку. Больш таго, прынесенае ворагам, які захапіў Полацак — наш традыцыйны палітычны і культурны цэнтар. Мы не маем дакладных зьвестак пра тое, наколькі гвалтоўна распаўсюджвалася хрысціянства кіеўскімі князямі па землях крывічаў, дрыгавічаў і радзімічаў. Вядома толькі, што яшчэ шмат стагоддзяў хрысціянства і паганства суіснавалі разам у нашых мясьцінах. Можа не ўсюды, дзе зніч гарэў, было чуваць званы, але ж у званы званілі адны, а зніч падтрымоўвалі іншыя. Паганства суіснавала разам з хрысціянствам, а ў хрысціянстве суіснавалі разам усходні і заходні абрады. Такім чынам закладвалася яшчэ адна традыцыйная рыса ў будучых беларусаў – талерантнасьць. Час ад часу гэтая талерантнасьць парушалася, аб чым сьведчыць, напрыклад, гісторыя трох віленскіх пакутнікаў, але ж гэтая гісторыя сьведчыць і пра тое, што нават у сярэдзіне 14 стагоддзя сярод паплечнікаў вялікага князя Альгерда былі нехрышчаныя славяне, схільныя да пераходу ў хрысціянства. І былі заўзятыя прыхільнікі паганства, якія не маглі дараваць такой здрады. Таму больш зразумела, калі прыхільнікі паганства спасылаюцца на традыцыйнасьць, чым калі пра гэта спрачаюцца хрысціяне розных адгалінаваньняў і дэнамінацыяў.


Для саміх хрысціянаў больш істотнымі з’яўляюцца праблемы разуменьня, тлумачэньня і інтэрпрэтацыяў Слова Божага, якое было прынесенае аднойчы людзям, менавіта як Слова, Слова запісанае ў Кнігу. І потым Слова стала целам, Слова, ўвасобленнае ў Сыне Божам – Ісусе Хрысце, які пакутаваў і памёр за нашыя грахі, выкупіўшы нас ад граху. Слова і Біблія былі першапачаткова сказаныя і напісаныя не на беларускай мове, і Хрыстос нарадзіўся і ўкрыжаваны быў не на Беларусі. Але ён памёр і за беларусаў таксама, калі яны пра гэта ведаюць і вераць у гэта. А даведацца пра гэта беларусы могуць толькі тады, калі пачуюць ці прачытаюць Слова Божае. Пачуюць і прачытаюць на роднай, зразумелай беларусам мове. Прачытаюць і зразумеюць. Прымуць гэтае Слова ўсім сваім сэрцам, і будуць ім кіравацца ў жыцьці, а кіруючыся гэтым Словам зьмяняць сваё жыцьцё і саміх сябе, рэфармаваць сябе і сваё жыцьцё. У гэтым, калі выкласьці вельмі коратка, і есць сутнасьць Рэфармацыі – цалкам даверыцца Слову Божаму, як Слову, напісанаму для кожнага з нас, і даверыцца Слову, якое стала целам і асобай – Ісусам Хрыстом, прынесеным у ахвяру за кожнага з нас. Рэфармацыя – гэта чалавечы адказ на трансфармацыю, якую Бог ажыццяўляе з чалавекам, зьмяняючы наш нораў, вызваляючы нас з рабства граху і цемрашальства, наканоўваючы нас да Жыцця вечнага.

Перад Словам Божым не мае вартасьці ні царкоўнае паданьне, ні традыцыя, ні рашэньні людзей, нават вельмі аўтарытэтных. Толькі Пісаньне (запісанае Слова Божае) ёсць аутарытэт для хрысціяніна. Ніякія ўчынкі, заслугі, зямная слава, паходжаньне, ахвяры ці багацьце не могуць выратаваць чалавека, не даюць ніводнаму чалавеку перавагі перад іншымі людзьмі. Выратаваньне дае Толькі Вера, толькі вера прымаецца Богам у разлік. Не можа сам чалавек апраўдацца перад Богам, не можа зарабіць выратаваньне сваімі дзеяньнямі. Ніхто не можа хваліцца перад іншымі, тым больш перад Богам, сваімі ўчынкамі. Выратаваньне проста даравана чаловеку з ласкі Божай. Толькі Ласка Божая дае чаловеку апраўданьне і выратаваньне. І Толькі Хрыстос, толькі яго ахвяра і пакутніцкая смерць з’яуляецца прычынай нашага апраўданьня і сьведчаньнем гэтай Ласкі Божай, гэтага дара выратаваньня. Таму рэфармаваныя вернікі ўдзячны аднаму Богу, а не партыям, дзяржаве, героям, царкоўным герархам, ці іншым асобам. Таму, толькі Аднаму Богу Слава, людзі ж роўныя паміж сабой, няма сярод людзей тых, хто заслугоўвае большай славы і пашаны, чым іншыя перад Богам. Асэнсоўваючы такім чынам сутнасьць Рэфармацыі яшчэ Марцін Лютар сфармуляваў пяць прынцапаў:

  1. Толькі Пісаньне – Sola Scriptura.
  2. Толькі вера – Sola Fide.
  3. Толькі ласка – Sola Gratia.
  4. Толькі Хрыстос – Solus Christus.
  5. Аднаму Богу слава – Soli Deo Gloria.

Калі хрысціяне якой-кольвек царквы кіруюцца менавіта гэтымі прынцыпамі, то іх можна лічыць рэфармаванымі хрысціянамі, або пратэстантамі. Не таму, што яны супраць нечага пратэстуюць (хоць часта і сапраўды пратэстуюць, як і ўсе неабыякавыя людзі), а таму, што такая назва замацавалася пасьля пэўнай падзеі 16 стагодзя, калі частка нямецкіх князёў падала на сойме Сьвятой Рымскай імперыі пратэст супраць уцісканьня свабоды веравызнаньня. Можа таму не адмаўляюцца рэфармаваныя хрысціяне ад гэтай назвы і па сёняшні час, што спробы ўцісканьня хрысціянаў не скончыліся, што свабода сумленьня парушаеца бесперапынна, і пратэставаць супраць гэтага прыходзіцца зноў і зноў.

Нам трэба зразумець гэтыя прынціпы Рэфармацыі яшчэ і з пункту гледжаньня гістарычнага метаду, ці гісторыяграфіі. Калі мы хочам разгледзець гісторыю Рэфармацыі на Беларусі, ці нават, больш шырэй – гісторыю хрысціянства на Беларусі, нам прыйдзецца мець справу з падзеямі і асобамі, якія не называліся ані пратэстантамі, ані рэфарматамі. Прыдзецца працаваць з фактамі сьвецкай гісторыі, якія не могуць быць зразумелымі паза рамкамі Рэфармацыі як фармацыі (прабачаюся за калямбур) культуры, палітыкі, грамадскага жыцьця, нават эканомікі.

Беларуская гісторыяграфія яшчэ не дастаткова распрацаваная. Хоць Залаты век Беларусі, другая палова 16 стагодзя, пераважна прываблівае ўвагу гісторыкаў. Сëньня гэты час досыць добра апісаны, але апісаны - гэта не значыць патлумачаны і зразумелы. Ці разумеем мы прычыны таго культурнага ўздыму, які заклаў падмурак існаваньня беларусаў ва ўсе наступныя стагоддзі, часам трагічныя, часам проста цяжкія, але ніколі не спрыяльныя? Можа не выпадкова час імклівага пашырэньня Рэфармацыі і час найвялікшага культурнага эканамічнага, ваеннага і палітычнага росквіту нашай краіны – гэта адзін і той жа час? Можа заняпад 17 стагодзя таксама звязаны з паразай Рэфармацыі і перамогай Контррэфармацыі?

Яскравым прыкладам гэтых метадалягічных праблемаў гісторыі можа быць постаць аднаго з самых выбітных беларусаў усіх часоў – Францішка Скарыны. Шмат спрэчак вялося пра тое, да якога веравызнаньня належаў Скарына. Сам ён ані разу не ўзгадвае пра каталікой ці праваслаўных. А для каго ён сваю Біблію надрукаваў? Для хрысціянаў. Дык можа ён быў рэфарматам?

Не, дакладна, ён не быў пратэстантам, таму што само слова гэтае з’явілася ў 1529 годзе. Не быў ён і лютэранінам, таму што пачаў друкаваць беларускую Біблію ў 1517 годзе, а Лютер пераклаў Новы Запавет на нямецкую мову толькі ў 1522 годзе. Сам пачатак Рэфармацыі адлічваюць толькі з 31 кастрычніка 1517 года, калі Марцін Лютар прыбіў да брамы Віттенбергскай царквы свае знакамітыя 95 тэзаў супраць гандлю індульгенцыямі. Але ж выданьне Бібліі на націянальнай мове паўсюль лічыцца галоўнай падзеяй Рэфармацыі ў адпаведных нацыяў. Дык можа наша, беларуская Рэфармацыя пачалася раней за нямецкую?

Звычайна гісторыяграфія разглядае Скарыну як дзеяча культуры, перакладчыка, друкара, мастака. Але ж выданьне Бібліі на мове, набліжанай да народнай у Эуропе – гэта падзея Рэфармацыі, рэлігійная справа. На пачатку 16 стагодзя існавала толькі два пераклада Бібліі на сучасныя славянскія мовы – чэская і беларуская. І абодве выдадзеныя ў Чэхіі. Ці гэта выпадкова?

Калі не ўлічваць узгаданых вышей прынцыпаў Рэфармацыі, а падыходзіць фармальна, то да руху Рэфармацыі трэба адносіць толькі тое, што паходзіць ад Лютэра, Цвінглі, Кальвіна і іх пасьлядоўнікаў. З гэтага фармальнага пункту гледжаньня Рэфармацыя прыйшла на Беларусь значна пазьней за скарынаўскую Біблію. 450 год таму Рэфармацыя ахапіла ўсë Вялікае Княства Літоўскае. Евангелічна-рэфармаваныя (кальвінскія) зборы ўзнікалі ў розных гарадох: Бярэсьці, Нясвіжы, Вільні, Луцку, нават у Кіеве, якія зараз знаходзяцца ў розных дзяржавах. 1553 год быў адзначаны шматлікімі падзеямі у рэфармацкім руху на Беларусі. Мікалай Радзівіл Чорны адкрыта абвесьціў пераход у кальвінізм. На падуладных яму землях пачалі адкрывацца кальвінскія зборы. Сымон Зак адкрыў першы збор у Бярэсьці. Там жа ў кальвінскай друкарні быў выдадзены катэхізіс хрысціянскай веры для масавага чытача і для простага народа. Менавіта з гэтага году і лічыцца пачатак Рэфармацыі ў Вялікім Княжстве Літоўскім. І яшчэ праз 10 год Мікалай Радзівіл Чорны выдае Біблію на польскай мове. Гэтая Біблія была перакладзеная прафэсійнымі тэолагамі з моваў арыгіналу, яна была поўнай, і, напэўна ж, больш дакладнай, чым скарынаўская. У гэтага выданьня было толькі дзве хібы – мова і кошт. Гэтае шыкоўнае выданьне было прызначанае спаланізаванай магнатэрыі і шляхце, і само спрыяла далейшай паланізацыі і абмежаванасьці Рэфармацыі ў колах арыстакратыі. А Рэфармацыя, тым ня меньш, пашыралася. Пашырэньне яе было магчымае толькі пры адпаведных ўмовах, сярод якіх: простая зразумелая мова, дэмакратычнасьць і набліжанасьць да месьцічаў, пашырэньне адукацыі сярод месьцічаў.

Часам пра Рэфармацыю на Беларусі распавядаюць як пра дзейнасьць магнатаў і арыстакратаў. Узгадваюцца Аўстафей Валовіч і Леў Сапега, якія былі кіраўнікамі дзяржавы і стваральнкамі знакамітага Статута ВКЛ. Буйнейшыя землеўладальнкі, стрыечныя браты Радзівілы – Чорны і Руды, іншыя магнаты. У сэнаце ВКЛ у другой палове 16 стагодзя засталося толькі два каталікі, і тыя абодва біскупы, прысутнасьць якіх у сэнаце замацаваная Статутам Княства, усе астатнія былі кальвіністамі ці лютэранамі. Хоць і не арыстакратыя, але ж культурная эліта: Сымон Будны, Сымон Зак, Васіль Цяпінскі і іншыя. Але ж намаганьні магнатэрыі і эліты не мелі б плёну, калі б не было руху насустрач, ад жыхароў гарадоў і мястэчак. І гэты рух быў. І ён быў пераважна нефармальным.

Разглядаючы гісторыю Рэфармацыі, трэба зьвяртаць увагу на нефармальны евангельскі рух, які ўзнікае не праз місіянерскую дзейнасць прапаведнікаў той ці іншай канфесіі, а проста ад чытаньня Слова Божага. Трэба памятаць, што справа Марціна Лютара мела такі посьпех праз Ласку Божую, і праз простыя грамадска-палітычныя механізмы. Лютэра падтрымалі адукаваныя універсытэтскія колы Нямеччыны, і, гэта, бадай, галоўнае, нямецкія князі і курфюрсты. Так і справа Сымона Зака мела посьпех праз падтрымку Мікалая Радзівіла Чорнага. А ці магчымы рэфармацкі рух без такой падтрымкі? Так, не толькі магчымы, а пераважна ён і ажыцяўляецца без такой падтрымкі. Сам Лютар, калі пазнаёміўся з вучэньнем Яна Гуса, прызнаў яго сваім папярэднікам. А ў той самы час, калі вернікі розных гарадоў Нямеччыны толькі думалі над зваротамі Лютэра і пачыналі самі чытаць Слова Божае, у Чэхіі ўжо існавала буйная чэска-братэрская гусітская царква. І вернікі гэтай царквы прытрымоўваліся тых жа прынцыпаў, што і ўсе пратэстанты, ці евангелічныя хрысціяне, абапіраліся толькі на Пісаньне, на Слова Божае, а не на словы чалавечыя ці на паданьні продкаў , шукалі выратаваньня толькі праз веру, а не праз рытуал ці абрад, верылі ў тое, што даецца выратаваньне толькі з ласкі Божай, а не за заслугі, дзякавалі за гэтае выратаваньне толькі Хрыста, а не сьвятароў, іконы, царкву, князёў ці штосьці іншае. Чэская царква ўлілася ў рух Рэфармацыі, хоць узнікла больш за 100 год да яе пачатка. Так сама было і з вальдэнсамі ў Францыі, з менанітамі і г.д.

Так сама і ў беларускай гісторыі. Тыя, хто пачаў чытаць Біблію Скарыны пасьля таго, як яна з’явілася ў Беларусі, станавіліся потым вернікамі кальвінскіх збораў. А можа нават і самі зборы былі заснаваныя імі яшчэ да таго, як быў створаны афіцыйна першы ў Вялікім княстве кальвінскі збор у Берасці. Стасункі ліцьвінаў з чэхамі маюць даўнюю гісторыю, яшчэ з часоў Вітаўта, калі Ян Жыжка ўдзельнічаў у Грунвальдскай бітве ў 1410 годзе, а літоўскія харугвы дапамагалі табарытам змагацца ў Маравіі і Чэхіі. Вярнуўшыся з гусіцкай вайны разам з чэскімі бежанцамі, беларусы маглі захаваць тое стаўленьне да веры і Слова Божага, з якім пазнаёміліся праз гусітаў. Паплечнік Яна Гуса Іеранім Пражскі наведваў Беларусь, калі зьвяртаўся да вялікага князя Вітаўта за дапамогай супраць нямецкіх князёў, якія імкнуліся знішчыць гусіцкую “герась”, быў ён і ў Полацку. І хто ведае, якія наступствы мела тое наведваньне? Можа не здарма полацкі ўніяцкі архімандрыт Антоні Сялява ў 17 стагодзі называў Скарыну “герэтыкам гусітам”.

Мы не маем ніякіх падставаў лічыць Скарыну рэфарматам, але нефармальны хрысціянскі рух быў ім ініцыяваны, і з гэтага часу ён ужо не перапыняўся.

Духоўны ўздым, які абудзіў хрысціянаў на землях Беларусі, засьведчаны не толькі гісторыяй царквы, але пра яго ведаюць усе, хто цікавіцца беларускай гісторыяй, ведаюць пра гэта як пра Залаты Век, дакладней, поў-веку, якія прышліся на другую палову XVI стагоддзя. Гэта быў час непараўнальнага росквіту культуры ва ўсіх яе галінах і сферах, ад музыкі да правазнаўства, ад ваеннай стратэгіі і ваярскага штукарства да дойлідства і архітэктуры, ад элементарнай граматыкі для дзетак да тэалягічных і філязофскіх шэдэўраў. Але на вялікі жаль гэты Залаты Век быў непрацяглым, пачалася Контррэфармацыя і вялікі заняпад. Гэты заняпад закрануў таксама ўсе галіны і сфэры жыцця і культуры, XVII стагодзе было амаль самым трагічным у нашай гісторыі. Заняпад адчуваўся і ў рэлігійным жыцці, царква існавала ў рэжіме выжываньня. Таму, калі ў XIX стагодзі людзі зноў пачалі шукаць Бога і прагнуць духоўнасьці, то беларуская царква не здолела нічога ім прапанаваць. У Беларусі пачалі распаўсюджвацца запазычаныя вучэньні. У першую чаргу адчуваўся расейскі ўплыў.

У 70-х гадах XIX стагодзьдзя з Расеі на Беларусь прыходзяць эвангельскія хрысціяне – баптысты. Хоць баптызм узнік у Заходняй Эўропе (першы баптысцкі збор вядомы з 1609 года, быў утвораны ангельскімі эмігрантамі ў Амстэрдаме), на Беларусь ён прыйшоў праз Расею, дзе ў гэты час аднавіліся рэлігійныя пошукі, акія адразу ж трапілі пад уплыў релігійных суполак нямецкіх каляністаў. Сярод праваслаўных вернікаў было шмат незадаволеных афіцыйнай царквой, якая пасьля рэформаў Петра І цалкам страціла незалежнасьць ад дзяржавы, стала ідэялягічным дэпартаментам імперыі, таму не магла адказваць на духоўныя патрабаваньні свайго часу. З аднаго боку, гэта зрабіла большую частку расейцаў абыякавымі да рэлігіі і да Бога, чым потым скарыстаюцца бальшавікі. З другога боку, гэта падштурхоўвала вернікаў да ерасяў, якія перасьледваліся ўладамі. Такія вернікі (малакане ды іншыя) або самі з’язджалі, або іх высылалі на пустыя землі на поўдні Украіны, у Крыме, на Кауказе і ў Паволжжы. Там жа выдзеляліся землі для нямецкіх каляністаў, якія звычайна былі вернікамі адной канфесіі, нават адной царквой, і засноўвалі свае калёніі, каб жыць там грамадой ці камунай. Асабліва гэта тычыцца менанітаў. Менавіта яны паспрыялі эвангелізацыі сваіх рускіх ці ўкраінскіх суседзяў. Яны нават перакладалі Біблію на калмыцкую мову, можа і на мовы іншых народаяў, з якімі былі суседзямі. Так узнікалі рускамоўныя эвангелічныя хрысціянскія суполкі. Потым да гэтых суполак далучыліся арыстакраты з Пецярбургу і іншых гарадоў, сярод якіх прапаведавалі ангельскія місіянеры-баптысты. Такое спалучэньне і прывяло да ўзнікненьня сваеасаблівага фенамена – эвангелічных хрысціянаў-баптыстаў.

Калі ідэі эвангелічных хрысціянаў-баптыстаў патрапілі на Беларусь і Заходнюю Украіну, то тут яны знайшлі невялікія пратэстанцкія абшчыны, якія захаваліся яшчэ з XVI-XVII стагодзяў, а таксама з тымі, хто вяртаўся на радзіму з Амерыкі, дзе яны не толькі зараблялі грошы, але і далучаліся да хрысціянскай веры і праходзілі пачатковую эвангелізацыю. Такім чынам, спалучэньне мясцовых вернікаў з новым актыўным місіянерскім уплывам эвангельскіх хрысціянаў і амерыканскай дапамогай прывяло да хуткага пашырэньня абшчынаў гэтага сінкрэтычнага накірунку, а потым і да таго, што гэты рух цалкам паглынуў рэшткі аўтахтонных беларускіх і ўкраінскіх пратэстантаў. Захаваліся можа толькі тыя са старых пратэстансткіх збораў, якія былі звязаны з этнічнымі адметнасьцямі, напрыклад, нямецкія лютэране, венгерскія рэфарматы-кальвіністы ў Закарпацці, і рэфарматскія суполкі ў Жамойці, на былых радзівілаўскіх землях. Захавалася таксама некалькі збораў у буйных гарадох, так у Менску рэфарматскі збор вядомы да самай рэвалюцыі, апошні сьпіс членаў збору датаваны 1914 годам, г.з. непасрэдна перад нямецкай акупаціяй.

На пачатку ХХ стагодзьдзя на Беларусі з’явіліся і пяцідзесятнікі. Гэтая плынь трапіла да нас непасрэдна з ЗША, адкуль пачалі вяртацца тыя з эмігрантаў, якія не мелі намеру заставацца жыць у Амерыцы, а імкнуліся толькі зарабіць грошаў, каб прыдбаць уласную гаспадарку на Радзіме. У першую чаргу гэта тычыцца Заходняй Беларусі і Палесься. Таму што тут захоўвалася прыватная ўласнасць. На Усходнюю Беларусь эмігранты не вярталіся. Хоць і там пяцідзесятнікі таксама з’явіліся ў 20-30-я гады, але іншым шляхам, праз місіянераў-варанаяўцаў (ад прозвішча аднаго з актыўных пастараў пяцідзесятнікаў у СССР – І.Варанаева). Пяцідзесятніцкія цырквы вядомыя пад назвай Царквы Хрысціянаў веры эвангельскай (ХВЭ) . Пасьля вызваленьня ад акупацыі ў 1944 была створана адзіная Царква ХВЭ Беларусі, Украіны і Літвы з центрам у Баранавічах на чале з епіскапам І.Панько. Потым яны далучыліся да аналягічнага аб’яднаньня ў межах СССР, а праз год баптыстаў і пяцідзесятнікаў СССР прымусова спалучылі ў адзіны саюз. Частка збораў і абшчын адмовілася ўступаць у якія-кольвек саюзы і існавалі самастойна, дзейнічаючы ў падпольлі. Да 90-х гадоў ХХ стагодзя пяцідзесятнікі былі самай дынамічнай і распаўсюджанай пратэстанцкай царквой на Беларусі. Потым эстафету падхапілі так званыя харызматы, або Хрысціяне Поўнага Эвангельля.

Харызматы гэта не нейкая асобная канфесія, гэта вонкавая назва шматлікіх хрысціянскіх рухаў і ініцыятываў, акія ахапілі ў 80-90 гадох розныя цэрквы ў ЗША і ў іншых краінах. Некаторыя са старых цэркваў пад уплывам харызматычных прапаведнікаў (казацелей) аднавілі свае погляды, прынцыпы і жыццё. Аднаўленьне не закранае дактрынальнага апірышча і Эвангельля, не прыводзіць да перагляду асноўных прынцыпаў Рэфармацыі. Хоць не заўсёды імпэтным новавернутым вернікам хапае тэалягічнай адукацыі і падрыхтоўкі, што яны кампенсуюць за кошт харызмы і актыўнасьці. Менавіта пасьлядоўнікамі харызматычных цэркваў ствараюцца новыя суполкі і абшчыны на абшарах былога СССР. Напрыклад, царква “Новае пакаленьне”, якая пачала сваё распаўсюджаньне з Рыгі, а зараз мае каля двух дзесяткаў цэркваў у Беларусі. Галоўная царква “Новага пакаленьня” месьціцца ў Баранавічах, а ўсе разам яны ўваходзяць у аб’яднаньне Хрысціянаў Поўнага Эвангельля.

Сеньня на Беларусі дзейнічаюць некалькі адгалінаваньняў Рэфармацыі, як старыя традыцыйныя: рэфарматы-кальвіністы і лютэране, так і новыя: баптысты, пяцідзесятнікі, харызматы. Новыя яны не таму, што гэта нешта цалкам новае. Шмат чаго з таго, што вызнаюць хрысціяне новых дэнамінацыяў ведалі ўжо хрысціяне XVI стагодзьдзя. Баптызм, напрыклад, шмат чаго агульнага мае з менанітамі, чэшска-братэрскай царквой, і з анабаптыстамі, якія былі амаль самым распаўсюджаным рэфармацкім рухам у ВКЛ у XVI стагодзі. Проста не адбылося пераемнасці новых дэнамінацыяў ад тых, што ўзніклі ў Залатым Веку.

Але ж вернікі ўсіх рэфармаваных церкваў адзначылі ў 2003 годзе юбілей — 450-годдзе Рефармацыі ў Беларусі і ВКЛ. Усе, так ці інакш, памятаюць свае гістарычныя карані.

Таму не трэба разглядаць новыя пратэстанцкія канфесіі як гістарычна чужыя, як цалкам запазычаныя. Адкуль бы не прыходзілі новыя дэнамінацыі, з Расеі, ці з Амерыкі, яны вяртаюцца да нас. Калісьці вернікі беглі ў Амерыку ад пераследу Конррэфармацыі, а потым ад рэлігійнай нецярплівасьці і ксенафобіі. Беглі і засноўвалі новыя калёніі. Пурытане-кальвіністы – Масачусэтс, шведы лютеране – Дэлавер, галяндскія рэфарматы – Ню-Ёрк, каталікі – Мэрыленд, квакеры – Пенсыльванію і гэтак далей. Немецкія менаніты і гернгутэры (нашчадкі мараўскіх братоў пасьлядоўнікаў Яна Гуса) сяліліся ў стэпах каля Волгі і Дона. З’язджалі і вернікі з Беларусі. Яны беглі ад перасльледу, захоўвалі веру бацькоў, а мы павінны быць ім удзячнымі за гэта.

Калі Бог дасьць, калі ёсць на гэта воля Яго, то больш ніколі з Беларусі не прыдзецца бегчы, хаваючыся ад пераследу за веру. Мы павінны ўсталяваць на Радзіме сапраўдную верацярплівасьць, каб кожны мог вызнаваць сваю веру, як падказвае яму толькі яго сумленьне, а не ўлады ці нейкая большасьць.

Уладзімір Мацкевіч

Катэгорыя: Хрысьціяне
Каментары (2) да “Рэфарматы ў Беларусі: свае ці чужыя”
  1. Alexander :



    Spadabalasia!



  2. Burbalka :



    чужыя, не чужыя, якая розніца. трэба станавіцца НЕ ЧУЖЫМІ, а якімі пратэстанты былі ў гісторыі - справа дзесятая.



Ваш каментар

Дазволеныя XHTML-тэгі: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <code> <em> <i> <strike> <strong>

[Powered by WordPress.]

 Новыя кнігі


Вызывающее молчание



Вопреки очевидности

 Галоўнае:

Экспэрты:

 Дыскусія:

 Архіў:

Верасень 2005
Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Ндз
« Жнв   Кас »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  

 Пошук:

 Кантакт:

 Памылкі?

 Партнэры:

 In | Out:

 RSS:

 Лічыльнік:

27 queries. 0.164 seconds